Стихи О Малой Родине Беларусь — подборка стихотворений

Стихи О Малой Родине Беларусь — подборка стихотворений

Стихи О Малой Родине Беларусь — подборка стихотворений
0
09 мая 2021

Дзе наш салігорскі раён?
Цяпер здагадацца нельга.
А вось, здаецца, і ён.
Рака завецца Сівельга.

Здалёк паглядзелі Глядкі:
Пільнуюць сваю Дуброву.
Ці ёсць сярод вас бранчукі?
Здараова, здарова, здарова.

А што гэта ўверсе шуршыць?
А… шахта коламі круціць.
Як час безупынна бяжыць,
Ды сэрца ўспамінам шурупіць.

Чым дыхаеш, дарагі?
Дарогі, дарогі, дарогі…
Наўсцяж праз палеткі стагі.
І месяц плыве крутарогі.

Духмяны чаромхавы пах,
І плюшніку водар салодкі.
Цвіце кураслеп на лугах,
У яслях вясновай паводкі.

Рамонкава — гронкавы рай
У роснай траве сцяжына.
Дзяцінствам аблашчаны край,
Маленькая наша радзіма.

Туды!- паківае душа
Гарлачыкаў жоўтыя вочы.
Сцяжына, гравейка, шаша.
Да ранку бяссоннныя ночы…

Дарогі, дарогі, дарогі,
Вы прожылкі роднай зямлі,
Вы знакі бацькоўскіх парогаў:
Глядкі, Півашы, Чапялі.

Вы сцежкі знаёмых аселіц
Ды роўных шляхоў далячынь.
Забродскія, Жабінь, Дубеі,
Дубочкі ,Пагост, Крывічы.

Спрадвеку аселыя Прусы,
Ды Прусікі – далей пайшлі:
На гонях зямлі Беларусі
У сяўбе сваё шчасце знайшлі.

Чыжэвічы нам не чужыя,
І трэба прыняць Кулакі
Іх свойскі злучае гасцінец
У госці ідуць сваякі.

Мяцявічы вывелі граньку
З Тамілавай праз Півашы
Але не здалелі да Бранчыц,
Пракласці з-за дамбаў шашы.

Раскоша двароў Краснадворцаў
Вялікага Рожану шар
Равецкі, Дубова, Дуброўка
Спрадвечных лясоў , нібы мар.

Саковічы сокам напояць,
Схавае ў цянёк Язавінь.
Увечары высвецяць зоры
Праз неба глыбокую сінь.

І да вадасховішча зводзіць:
У “далеве” — сена пакос .
Туды лістападавец ходзіць,
Ды ліст ападае з бяроз.

Зажэвічы выцягнуць шыю
Сустрэнуць з далёкіх шляхоў,
Ды косамі вішні закрыюць
Праезд на Цярушкі, Цясоў.

Па мосце вялікім, магутным
Дарога на любанскі тракт.
Чырвонаслабодская з бруку
Была ў тым напрамку якраз.

Яе яшчэ немцы паклалі :
Палонныя ў часе вайны.
Дзядзінцы, вы толькі злучалі.
Няма ў гэтым вашай віны.

Прышэльцаў растрэслі да згубы,
Завыхадам Захад гавеў.
Браты Харастоўскія Цубы
Сцяжынкі тапілі ў дрыгве.

Ананчыцы няньчылі грэблі:
Даманавіч жудасны час.
Таварышы ў рукі стрэльбы —
І вось вам, фашысты, адказ.

І Доўгага доўгае рэха
Па лесе блукала не раз,
Калі Камсамолец праехаў.
Ідзі ў партызаны да нас!

Дарогі, дарогі, дарогі…
Ах, колькі вы зведалі страт.
І колькі раскіданых Рогам
Вайною спустошаных хат.

З кібіткай сваёй Качавою
Прыходзіў татара-мангол
Скруцілі яго Драчавою
Сцяжынкі раскіданых сёл

Па Вейна развеялі далі,
Як пыл па дарозе вайны.
Дарогі, вы столькі спазналі
Гісторый з сівой даўніны.

Вы тэмай ваеннай сцяжыны
Кранаеце нас да глыбінь:
Старобін, Тычыны, Авіны,
Паварчыцы, Гоцк, Язавінь.

Пясчанка і Рожан Вялікі,
Вялічкавіч роўны грудок…
Які ж ты ў сэрцы вялікі,
Маленькай радзімы куток!

Дарога спіць і бачыць сны,
Калі яшчэ была малою,
І, выгінастая, дугою,
Злучала Салігорск і Мінск.
Узгоркамі то ўверх, то ўніз,
Ажно захоплівала дух,
Калі з табою мы ўдвух
Сядзелі перад лабавым.
Было цікава нам, малым,
Глядзець, які імклівы рух.
Аўтобус задзірае хвост,
А ў бездань пазірае нос:
Ух! Толькі у-у-х ! і мы ляцім
І колькі сілы ёсць – крычым.
Сядзяць прыцішаныя ўсе.
А мы над безданню ў аўсе.
Аўтобус нас з табой вязе
У нашу будучыню…
Дарога спіць, ды фараў вочы
Асветляць шлях яе жаночы.
На ёй адказнасці пячаць
Усход ды з Захадам злучаць…
А мы з табою проста так
Аднойчы выйшлі на бальшак.

Дарога ад парога

Мне час успомніўся дзяціны
Дол земляны старой хаціны,
У сенцах лесвіца на гору,
А злева – шчодрая камора.

У ёй за тонкімі дзвярыма
Кубелец з салам, побач скрыня,
Клубкі вяровак для падвязкі,
На жордачцы вісяць каўбаскі.

Засова з клямкаю над ручкай
Каб з сенцаў выйсце было зручна.
Там за дзверамі, за парогам,
Пачатак першае дарогі.

Быў цёплы дзень, я памятаю,
Дарога пыльная такая.
Веласіпед па ёй качу,
Дагнаць бабулю я хачу.

Але ужо, відаць, прыстала,
Бо мнагавата ўжо адстала.
І раптам думка мне такая:
Пясок, ці смачны, паспытаю.

Нясмачным мне пясок падаўся,
У роце ён не раствараўся.
Быў не салоны, не салодкі,
Я рот абцёрла аб калготкі,

Яшчэ раз колькі паплявала
І ад бабулі больш адстала.
Бабуля стала, пазірае:
Ну, як на смак зямля?- пытае.

Яж ад самоты чуць не плачу,
Што задала сабе задачу.
Вось было першае якое.
Знаёмства з роднаю зямлёю.

Бульбяным полем ля чыгункі
Ды цягнікоў пазывам гулкім,
Прапахлы нафтаю, мазутам,
Ён называўся родным кутам.

Праз даўжыню ўсяго палетку.
Ды з кураслёпу жоўтай кветкай.
Яго я ў сэрцы зберагу,
Як я бягу па ім , бягу…

А самалёт у чыстым небе,
Сярод жніва гуляюць дзеці,
І раптам выбух з вышыні,
Як рэха колішняй вайны.

Пранёсся вокліч сярод поля,
Відаць, ужо вучылі ў школе.
“Вайна, вайна. ”- яны крычаць.
Хіба так можна жартаваць.

Хто быў салдатам , памятае
На смак зямля, яна якая.
Хто ў гразі яе ды з потам
Хапаў не раз асмяглым ротам.

Як вырасту, раскажа баба,
Як у вайну пад Сталінградам
Акопы рылі , землю грызлі,
Каб паслужыць сваёй Айчызне.

Як пехацінцы з Магілёва
Навек злажылі тут галовы.
Няма дзе яблыку ўпасці-
Вайскоўцаў паляглі тут часці.

Як пад шчытом сядзелі ў яме,
І да зямелькі, як да мамы,
Грудзьмі сваімі прытулялі
Дзяцей, каб іх не пастралялі.

Ад страляніны шчыт зрывала.
Зямля тады іх ратавала.
А ў Ленінградскую блакаду
Яе і есці былі б рады.

Праз дваццаць год пасля вайны
Зямля прыходзіла ў сны.
Сваёю існасцю шурпатай
І рыцвінамі ад снарадаў.

У ямы гэтыя дзяцьмі
Не раз гуляць хадзілі мы.
І зразумелым быў той страх,
Што ў нашых душах не ачах.

Дарога праз жыццё

Жаданне кожнае дарогі
Вандроўцу кінуцца пад ногі.
Адны па ёй ідуць, спяшаюць,
А іншыя не заўважаюць,

Куды ідзе, вядзе дарога?
На ёй падчас спакусаў многа.
А ты па ёй ідзі паўз край,
Ды галавы не задзірай.

Найперш адзнач, адкуль пачата,
Дзе твой парог, дзе твая хата?
Затым занятак дай рукам,
А для душы знайдзі свой храм.

Шырокі, вольны ды прамы
Шлях будзе лёгкі , ды тлумны.
І толькі вузкая дарога
Прыводзіць нас, людзей да Бога.

Па ёй ідзі, не спатыкайся,
Чужому гору адгукайся.
Ніколі не рабі ліхога.
Тады не бойся ты нікога.

А калі раптам памыліўся,
Ідзі ў храм ды памаліся.
Дарогай вузкаю па веры
Табе адчыняцца і дзверы.

У гэты брукаваны камень
Дарога верыла вякамі.
У шчасце верыць і любіць.
Інакш жыцця не можа быць.

Мой любы край, душы маёй прытулак,
І дум натхнёных ціхая журба.
Няўжо магу я сёння толькі ў думах
Цябе, хоць на хвілінку, прыгадаць ?

Твае палі, разліўныя вясною,
Дзе ногі гразнуць — ні праехаць ні прайсці.
Ды, мусіць жа , лягчэйшае дарогі
Мне болей не сустрэнецца ў жыцці.

На крыллях заляцела б я, здаецца,
Туды, дзе нават марыцца лягчэй.
Здалёк убачу — сэрца так і рвецца
І просіцца: хутчэй, хутчэй, хутчэй…

Мой мілы кут, як хочацца яшчэ раз
Цябе пабачыць, змерыць з краю ў край,
І зноў адчуць, як дзіўна пахне верас
І кліча да сябе вясновы гай.

А як заходзіш у гай вясновы, звонкі,
Надыхацца не можна — гэткі рай!
Сцяной стаіць арэшнік гібкі, тонкі,
Напэўна, будзе слаўны ўраджай!

А вось палянка тая, што калісьці
Мяне зачаравала хараством
І залюляла, быццам у калысцы,
На ўзгорку майскім, найцяплейшым днём.

Туды ізноў ішла ў жалобнай скрусе
Хваёвых лап ламаці на вянкі,
Хавалі Лёньку, хлопца бела-руса,
Якога смерць забрала на вякі.

І слёзы смутныя туманам засцілалі
Дзявочы твар (хаваць не мела сіл).
Ды птушкі ў небе гэтак шчабяталі,
Што каб і не хацеў, то ўсё б забыў.

І ветрык прыласкаў мяне, суцешыў,
І слёзы высушыў , іх як і не было.
І сэрца , неяк раптам асмялеўшы,
Натхніла новым светлым пачуццём.

Жаданні збудуцца — усё так гаварыла.
Гадала я па зорках уначы .
І зноў спявала, верыла, любіла.
І здолела свой сум перамагчы.

Так, гэта ўсё прайшло, адгаманіла
І засталося ў памяці, як сон.
Зноў раптам восень сэрца зажурбіла
Дажджом халодным за маім акном.

Усё ў паўзмроку паплыло, растала,
Змяшалася ў думках назаўжды.
Няўжо змірыцца з тым, што гэтак мала
Чакаць нам засталося той бяды.

Бяда ў наступным: сэрца з болю рвецца,
Што ўсё тут хутка сыдзе ў нябыт:
Праз год ці болей, ведаю, знясецца
Апошняя з пакінутых сяліб.

Куток радзімы! У кожнага ён розны.
І кожны ў ім часцінку беражэ
Сваёй душы. Свой дом, сваю бярозу
І нешта найсвяцейшае яшчэ.

Мне заўсёды сумна без цябе,
Шэрая дарога палявая.
Хоць хадзіла па табе нямнога,
Мне заўсёды сумна без цябе.
Вецер песню вольную нясе,
Месяц рогам воблак шкуматае…
Мне заўсёдаы сумна без цябе,
Шэрая дарога палявая.

ПЯТРУСЬ БРОУКА

Слаўлю я свой край любімы,
Незгасальную зару.
Як ты сэрцу майму міла,
Дарагая Беларусь!

Залацістыя прасторы,
Незлічона ясных зор,
Рэкі ціхія, азёры,
Галасісты шумны бор!

Ты нас ласкай атуліла,
I я ў шчасці гавару:
Як ты сэрцу майму міла,
Дарагая Беларусь!

Не магло мне і прысніцца,
Як ты, родная, ўзрасла.
Паглядзі, твая сталіца,
Быццам казка, расцвіла.

Наша радасць, наша сіла,
Дзе для ўдзякі слоў збяру?
Як ты сэрцу майму міла,
Дарагая Беларусь!

Мой край азёрны, край люстраны,

З таемнай гутаркай лясной,
Чым да цябе я прывязаны,
Што ты заўсёды прада мной?

Гартаю час здалёку, зблізку,
Каб адшукаць той даўні дзень,
Калі пад спевы над калыскай
Пазнаў я пах смалістых сцен.

З тых дзён зрадніўся я з табою,
З табой з’яднаўся назаўжды —
На пасце торбай і трубою,
Ядою з хлеба і вады,

Салоўкі спевам на світанні,
Дзіцячай шумнаю гульнёй,
Чуццём юнацкага кахання
I ў полі першай баразной.

З табой зраднілі ручаіны,
На пожнях золкая раса,
I позірк сумнае хаціны,
I маці шчырая сляза.

Мой край азёрны, край люстраны!
I сёння я з табою ўвесь —
З палямі, з трактарам старанным,
З табою, неўгамонны лес.

Хіба яшчэ аб нейкім шчасці
Памарыць можа чалавек.
Як неадлучны сын ад маці,
Вось так і я з табой навек!

Канкрэтныя беларусы ў зямлі.
На зямлі бадай што прыблізныя.
А тыя,
Што самавіта прабліснулі,
Здаецца, зусім не былі.

Яна беларуская,
Наша зямля,
Бо гэтулькі беларусаў забрала.
А ўсё ёй мала й мала:
Раней, цяпер і пасля
Нас —
Набеларушваецца ў запас.

Беларусь — ты мой сон велікодны,
Сон, што сніцца анёлам вясной.
Зрок і слых мой табою галодны,
Дух жыве мой табою адной.

Гэта ведае неба ды Мама
Без цябе не бывае мяне.
I душа жыць не можа без храма,
Цяжка ёй у чужой старане.

Адусюль да цябе я імкнуся
Быць у шчасці з табой і ў бядзе.
Чысцінёю тваёй прычашчуся,
Сорам твой на мяне хай падзе.

О, край родны, край прыгожы!
Мілы кут маіх дзядоў!
Што мілей у свеце божым
Гэтых светлых берагоў,
Дае бруяцца срэбрам рэчкі,
Дзе бары-лясы гудуць,
Дзе мядамі пахнуць грэчкі,
Нівы гутаркі вядуць;
Гэтых гмахаў безгранічных
Балатоў тваіх, азёр,
Дзе пад гоман хваль крынічных
Думкі думае прастор;
Дзе увосень плачуць лозы,
Дзе вясной лугі цвітуць,
Дзе шляхом старым бярозы
Адзначаюць гожа пуць?

Мой родны кут, як ты мне мілы.
Забыць цябе не маю сілы!
Не раз, утомлены дарогай,
Жыццём вясны мае убогай,
К табе я ў думках залятаю
І там душою спачываю.
О, як бы я хацеў спачатку
Дарогу жыцця па парадку
Прайсці яшчэ раз, азірнуцца,
Сабраць з дарог каменні тыя,
Што губяць сілы маладыя, –
К вясне б маёй хацеў вярнуцца.

Вясна, вясна! Не для мяне ты!
Не я, табою абагрэты,
Прыход твой радасны спаткаю, –
Цябе навек, вясна, хаваю.
Назад не прыйдзе хваля тая,
Што з быстрай рэчкай уплывае.
Не раз яна, зрабіўшысь парам,
На крыллях сонца дойдзе к хмарам

Ды йзноў дажджом на рэчку сыдзе –
Ніхто з граніц сваіх не выйдзе,
З законаў, жыццем напісаных,
Або на дол спадзе ў туманах.
Але хто нам яе пакажа?
На дол вадой ці снегам ляжа?
Не вернешся, як хваля тая,
Ка мне, вясна ты маладая.

Вось як цяпер, перада мною
Ўстае куточак той прыгожа,
Крынічкі вузенькая ложа
І елка ў пары з хваіною,
Абняўшысь цесна над вадою,
Як маладыя ў час кахання,
Ў апошні вечар расставання.

І бачу лес я каля хаты,
Дзе колісь весела дзяўчаты
Спявалі песні дружным хорам,
З работ ідучы позна борам.
Нясліся зыкі песень здольных,
Ў лясах раз-пораз адбівалісь,
І ім узгоркі адклікалісь,
І радасць біла ў песнях вольных.
А хвоі, елкі векавыя
Пад зыкі песень маладыя
Маўчком стаялі ў нейкай думе,
І ў іх ціхусенечкім шуме
Няслось вячэрняе маленне
Ўгару, святое аддаленне.

З зямлёй і небам звязывае мяне ніць —
Неразарваная веквечна павуціна:
Зямля мяне галубіць, як вернага сына,
А сонца мне душу не кідае туліць,

Яшчэ ў калысцы я наўчыўся з песень сніць
Аб гэтых блізкіх мне, а цесных так мясцінах:
Што роднай нівы я мільённая часціна,
Што зоркі роднай ў сэрцы мне іскрынка тліць.

Так Бацькаўшчыну я здабыў сабе без злосці,
Узрос з яе й чужых з яе не скінуў косці,
Грудзьмі тулюсь к ёй, як да матчыных грудзей.

I калі здзекуецца нада мною хтосьці —
Над Бацькаўшчынай здзекваецца ён маей,
Калі ж над ёй — мяне тым крыўдзіць найцяжэй.

Ляжаць твае гоні-загоны
Стомільна на свеце на белым
I жаляцца руняй зялёнай,
I коласам жаляцца спелым.

Лес-ноч гаманіста, шумліва
З мінуўшчыны казкі складае
I шле іх далёка па нівах,
Плакуча, ад краю да краю.

Паводкаю коцяцца воды
Руч’ёў паміж долаў і гораў,
У хвалях пагодай-нягодай
Купаючы нівы-разоры.

Спавітыя плесняю вёскі
Між пустак заселі бяссільна,
Утуліўшыся ў цені бярозкі
На вечным кургане бадыльным.

А люд. Ён сагнуўшыся ходзе
Пад ношкай знямогі-пакуты
I, роячы сны а свабодзе,
З дня ў дзень сам сабе куе путы.

Так спіш, так жывеш мімаходам,
Мой край, як сцяпная магіла,
З сваім незавідным народам,
З патухшай і славай, і сілай.

Комментировать
0
Комментариев нет, будьте первым кто его оставит

;) :| :x :twisted: :sad: :roll: :oops: :o :mrgreen: :idea: :evil: :cry: :cool: :arrow: :P :D :???: :?: :-) :!: 8O

Это интересно
Adblock
detector